ВЕ́ЧНЫ РУХАВІ́К (лац. perpetuum mobile літар. бесперапынны рух),
1) вечны рухавік 1-га роду — уяўная машына, якая, аднойчы прыведзеная ў рух, выконвала б работу неабмежавана доўгі час, не атрымліваючы энергіі з навакольнага асяроддзя. Спробы стварыць вечны рухавік рабіліся з 13 ст. Адмоўныя вынікі гэтых намаганняў стымулявалі адкрыццё і ўсталяванне закону захавання і ператварэння энергіі, адна з фармулёвак якога сцвярджае немагчымасць стварэння вечнага рухавіка 1-га роду (гл. Першы закон тэрмадынамікі).
2) вечны рухавік 2-га роду — уяўная машына, якая б цалкам ператварала ў работу ўсю цеплыню, атрыманую з навакольнага асяроддзя, г. зн. мела б каэфіцыент карыснага дзеяння, роўны 100%. Існаванне такога вечнага рухавіка фармальна не супярэчыць закону захавання і ператварэння энергіі, аднак стварэнне яго забаронена другім законам тэрмадынамікі, з якога вынікае немагчымасць самаадвольнай перадачы цеплыні ад халоднага цела да нагрэтага.
т. 4, с. 135
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)